Концептуально-исторически-парадоксальный проект «СЛОН белорусский». 2012. Бумага, графика, 750х550

Дарья Мандик

«Каб трошачкі аКРЭСЛіць Беларусь, трэба шмат паКРЭСЛіць. А каб вынайсці нешта новае, трэба пагуляць па вуліцы і са словамі. А пасля прыцягнуць за вушы (альбо за хобат) адно мілае звераня. Хачу пазнаёміць вас з «прадуктам» усіх гэтых цікавых працэсаў. Прапаную вашай увазе канцэптуальна-гістарычна-парадаксальна-крэсельны праект «СЛОН беларускі». Дайце волю сваёй фантазіі і ўявіце сабе, што акрамя трох абавязковых характарыстак: прыгажосці – карысці – трываласці, у мэблі можа прысутнічаць нешта яшчэ. Нешта кшталту душы рэчы, калі дазволіце так сказаць. Мой слон – дзіцяня мовы і ўяўлення. Кожная мова дае багатую ежу ўяўленню, а беларуская – гэты прыхаваны скарб – і пагатоў. Слон ён і ў Афрыцы слон. А калі добра пашукаць, дык нават у Афрыку ехаць не прыйдзецца. Бо... існуе беларускі слон! (не, не той, што ў Гарадзенскім заапарку, не). Распавяду адно па адным. Наш беларускі слон мае надзвычай каларытнага продка. (Гэта вам не мамант які-небудзь). Знаёмцеся, гэты звер – архаічны ўслон, дзіця майстэрства нейкага беларускага вясковага таты Карла. Услон (услончык, заслончык, заслон) вы сустрэнеце па ўсёй Беларусі. Простая драўляная хатняя лавачка, часам з дзірачкай у сядушцы, улюбёная мэбля дзетак. І верце – ня верце, у некаторых месцах (Магілёўшчына, Горацкі р-н, Барысаўскі р-н) ён мае назву слончык альбо слон. Звычайны такі беларускі слон. Слон – буйная траваедная млекакормячая жывёла з доўгім хобатам і двума біўнямі, якая жыве ў трапічнай Афрыцы і Азіі, асобныя віды сустракаюцца ў некаторых раёнах Беларусі. Беларускі слон збольшага распаўсюджаны ў вёсках і на хутарах. З даўніх часоў слон суправаджаў беларусаў у іх паўсядзённым жыцці. У час працы і адпачынку, у гадзіны радасці і смутку, улетку і ўзімку слон быў побач. Можа быць у вас дома таксама жыве слон, а вы нават не здагадваецеся. Пашукайце. Слон – вельмі зычлівая жывёла, людзей любіць. Ён трохі сарамлівы і сціплы, але пазнаёміўшыся з ім бліжэй, вы знойдзеце ў ім сапраўднага сябра. Ён будзе заўжды побач, калі вам самотна, уважліва выслухае і паспачувае. Усе мы жывём на гэтым шалёным шарыку, які, як вядома, трымаюць чарапаха, слон (тры нават) і кіты. Усё яно так хутка круціцца-верціцца, што часам нам проста неабходна трымацца за нешта матэрыяльнае. І пачынаем набываць тэлевізары, лядоўні, шыфаньеры. Кватэра ператвараецца ў суцэльныя джунглі. І згадзіцеся, з цягам часу мэбля робіцца для нас нечым большым за рэч. Раптам з’яўляецца ўлюбёны фатэль, адзіны, самы мяккі ва ўсім свеце, альбо старое крэсла, якое хочацца ўсюды цягаць з сабою. Альбо слон з вялікімі цёплымі вушамі, які радаснай усмешкай сустракае вас, калі стомленыя вы прыходзіце дахаты. Усё гэта значыць, што вы прыручылі мэблю, а яна – вас. І зараз кожны з вас адзіны для другога. Так і трэба, бо пазнаць можна толькі тыя рэчы, якія прыручыш. Калі слон яшчэ не жыве ў вашай хаце, яго варта завесці. Я дык дакладна ведаю, што аднойчы ён з’явіцца ў мяне. Мой слон будзе невялікі, каб можна было выцягнуць ногі; і з вялікімі ваўнянымі вушамі, каб захутвацца ў іх, калі халодна. Па колеры ён будзе вясёлкавы ці можа проста ў дробную кветачку. Верагодна, ён будзе трохі бурклівы, асабліва, калі я забудуся паставіць свае тэпцікі на месца, і свавольны. Але гэта не бяда. Ён будзе любіць Экзюперы і насвістваць пад нос вясёлыя песенькі. А яшчэ, як і кожны слон, ён закаханы ў сланечнікі. Мне вось цікава, ці існаваў бы слон, калі б не было сланечніка? А наадварот? Наўрацці канешне. Дарэчы, думаю, і ў Ван Гога таксама жыў слон, бо хто яшчэ мог яго навучыць так разумець сланечнікі».